Home

Advertisement

Customize

Басовішча

Aug. 9th, 2008 | 10:14 am



УСТУП
 

Упершыню пра гэты фэст я сур’ёзна задумаўся пасьля словаў Cяржука Будкіна: “А вы на Басовішча заяўку падавалі?”, потым, тое самае чароўным чынам паўтарыў Андрэй Плясанаў. Спадабаўся галоўны прыз фэсту – запіс альбому на прафэсыйнай студыі – для беларускага музыкі, улічваючы неверагоднае разьвіцьцё айчыннага шоў-бізнэсу, ня самы благі варыянт. Цікавасьць і прага паглядзець на гэтую дзею ўвачавідкі й прымусіла мяне, чалавека, які ня так часта наведвае розныя імпрэзы зрабіць некаторыя высілкі й атрымаць жаданую візу ў Польшчу. Не, ні ў якім разе ні ў якасьці канкурсанта – слабы яшчэ ў я…х – як у народзе кажуць, а ў ліку тых некалькіх сотняў беларусаў, якім пашчасьціла ў гэтым годзе злавіць халяву – дальбог, гарадзенцам гэта зрабіць было значна прасьцей, чым астатнім ліцьвінам.

НАТАТКА ПЕРШАЯ
АД’ЕЗД

 

Ад'езд распачаўся з т.з. златой ліхаманкі – пагоняй за польскімі грашыма, якіх не было ў бліжэйшых канторах. Потым – цягнік зь людзьмі, якія правозяць цыгарэты – мы ўжо былі напакаваныя, таму павесіць на нас чарговы блёк не атрымалася. Кузьніца, памежны польскі гарадок, сустрэў павольным жыцьцём, зь якога пацягнула даволі знаёмым перагарным подыхам беларускага сяла. Чакаць было доўга, і мы даволі шмат часу правялі ў бесклапотных бадзяньнях туды-сюды. Прыехалі аўтобусы, прыйшла другая электрыца з асноўнай масай, і мы рушылі на БАСОВІШЧА.

НАТАТКА ДРУГАЯ
ФЭСТ

 

Ужо былі чутныя гукі НЕЧАГА, калі пасажыры дармовых аўтобусаў высадзіліся на паляне, сэрца замерла ў прадчуваньні – нарэшце! Лясная сьцежка цягнулася далей, да Борыка. Першае, што кінулася ў вочы – сцэна й гук, моцны, САПРАЎДНЫ – не так часта даводзіцца нам чуць такі на адчыненай пляцоўцы. Доўгая чарга да лягеру, дрыготкія рукі, якія таропка раскладаюць намёт, першае што трапляецца па дарозе да сцэны – шапік з саколкамі й т.п. і вось яно!!!!! Нехта лупіць так, што бяз звычкі закладае вушы, ААААА! ГЛЮКІ – так, ведаем такіх, чулі. У акордах, басах, бубнах, рыфах хутка мінае час. Вялікі экран добра дапамагае быць у сутнасьці падзей, нават калі сядзіш за сталом у лягеры. PAMIDOR/OFF – гэты зараз бахне – сапраўды бахнуў, УХ!!! – палякі скачуць як сайгакі – устаўляе й мяне, сапраўды, накаціла на “Ты не адзін”, далей усё як у сьне. Потым былі ўкраінцы “ І мой сябар Грузавік” – Сярдзючка, наконт шоў, нэрвова паліць у параўнаньні зь імі – ЖЫВЕ ЎКРАІНА! “Троіца” прымусіла задумацца аб вечным, кантрольны стрэл за Вайцюшкевічам – толькі нешта акустычная гітара падвяла – нічога, ёсьць электрычная. Далей было расьпіцьцё гарэлкі “Бульбаш – сапраўдны гонар наш” з палякамі, якія яе пілі з такім жа імпэтам, як мы пазьней іхні каньяк, потым піва, бярозкаўскі самагон, суразмоўца палячка, з якой было знойдзена такое паразуменьне – зь беларускамі не заўсёды знаходзіш, другая палячка, якая так лаялася матам, што мяне ператрухвала. Дарэчы слова “курва” – самае папулярнае на фэсьце, яно даносілася паўсюль, беларусаў САПРАЎДЫ было мала, палякі й палякі. У вялікім намёце грукалі ДыДжэі – там і была праведзена заключная частка ночы. Сьвітанак, намёт, УСЁ. Сьвятло згасла. Заслона.

НАТАТКА ТРЭЦЯЯ
ДЗЕНЬ ДРУГІ

 

Прыгожае сіняе неба калыхалася над галавою – напэўна, вось яна СВАБОДА – слова, зь якога зрабілі сымбаль, забрудзілі, навешваючы цэтлікі. Слова нясе сэнс, а сапраўдны сэнс – у АДЧУВАНЬНІ, тым, якое не перакажаш словамі, таму я ляжаў доўга, каб гэта пачуцьцё працягнуць як мага болей. Па ўсёй паляне раскіданыя дровы – ня тыя, што паляцца ў печы, ці нарыхтоўваюцца на зіму, гэтыя дровы яшчэ ўчора варушыліся – сёньня ўжо не, адным бервяном, зьяўляўся Я. Галава гудзела, ну й г.д. Млявасьць ужо не зусім ранку разбавіла прадстаўленьне кнігі “Віня-Пых” у перакладзе на беларускую мову. Пакрысе наладкоўваліся гурты. Вольная сцэна, выступ нейкай польскай каманды. Пачалі лупіць госьці фэстывалю. “ЗАТОЧКА” – хлопцы выйшлі ў майтках і гальштуках – зайшло добра, малайцы, будзе настрой – паслухайце іх песьні, не пашкадуеце, асабліва пра хакей! Потым быў гурт, як я называю, стылю ЧАРНУХА – сапраўды страшная ва ўсіх сэнсах polska kobieta – ад грымотнага яе рыку разьбегліся нават панкі. RAHIS – хачу сказаць нейтральна – не магу: АФІГЕННА, песьні пералічваць ня буду, трэба ведаць, дасталося нават Памідораву, які не падтрымаў крыкі “на біс”, у адрас яго пачуліся іншыя – “ГАНЬБА”. Хлопцы парвалі “залю”. Зноў польскія гурты, і нарэшце NEURO DUBEL, ці як крычалі палякі “НЭЎРО ДЗЮБЕЛЬ”. Даўно я ня бачыў, каб людзей так плюшчыла, гледзячы на ўсё гэта я думаў аб сакрэце іхняга посьпеху – тая харызма, што йшла ад Аляксандра, рабіла нешта неверагоднае, ён праз дым здаваўся нейкай нечалавечай істотай, якая валодала натоўпам. Далей былі палякі з тэхна, вогненнае шоў, больш я не вытрымаў, стомлены арганізм прымусіў пайсьці спаць, бо піць больш не хацелася й не маглося. Праз сон я яшчэ доўга чуў бубны.

НАТАТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ
НА РАДЗІМУ!

 

Ну вось, здаецца, і ўсё – трэці дзень, тыя ж дровы – чамусьці колькасьць толькі павялічылася – гэта ўжо звыкла, чакалі ў рэстарацыі транспарт, што потым прыехаў на запраўку. Мы зьяжджалі, пакідаючы месца свайго трохдзённага адпачынку й некалькі параў аўтаспыншчыкаў, што галасавалі на шашы. У Кузьніцы набыў квіток, але адзін беларус прапанаваў за невялічкую плату падкінуць да Гародні – пра што пазьней пашкадаваў, напэўна, неаднаразова. Я, здаецца, казаў пра саколку з лэйблам БАСОВІШЧА? Дык вось, яна й згуляла ў гэтым асноўную ролю. Гледачам фэсту абяцалі ўзмоцнены кантроль на мяжы – мы яго атрымалі, і саколка дапамагла ў гэтым – гэта быў выклік, а на выклік трэба адказваць, ці не так? Хто праходзіў праз гэта, мяне зразумее, хто ня ведае – і ня трэба!
Ну вось і ўсё, зноў мой горад у рытвінах будоўлі й з расейскай мовай, ад якой за тры дні добра адвык, тое, што было нармальным там, тут выклікае непаразуменьне – РАДЗІМА, ПРЫВІТАНЬНЕ!

ЗАКАНЧЭНЬНЕ

Гэта не рэкляма, ня заклік да чаго-небудзь, гэта проста думкі. А скончыць свой аповед мне хочацца словамі Зьміцера Вайцюшкевіча, што ён прамовіў на выступе: “Гэта добра, што ёсьць такія фэстывалі ў Польшчы, ва Ўкраіне, але я хачу такое БАСОВІШЧА ў сябе на Нёмане – гэта праўда!” –трапна, Зьміцер, дзякуй, можа калі й дажывем. Дапамажы нам, Божа!

Дарэчы, галоўны прыз фэсту ўзяў гарадзенскі гурт TLUSTA LUSTA. Ня ведаю як вам, я нам там было вельмі прыемна!

Link | Leave a comment {2} | Add to Memories | Tell a Friend

Advertisement

Customize